Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!
У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.
1. ХВІЛІНА З АНЁЛАМ З ФАЦІМЫ
Усклікаю да Цябе, Божа, з глыбіні майго сэрца, каб сказаць Табе аб тым, як моцна прагну верыць у Цябе, як вельмі моцна прагну ўсім сваім жыццём праслаўляць Цябе, бязмежна давяраць Табе і кожную хвіліну жыцця любіць Цябе. Усклікаю да Цябе разам з усімі прыхільнікамі Маці Божай Фацімскай, якія з вераю, надзеяй і любоўю чакаюць гадзіны трыумфу Беззаганнага Сэрца Марыі. Прыблізь яе, Пане!
Усклікаю да Цябе:
О мой Божа, веру ў Цябе,
праслаўляю Цябе, давяраю Табе і люблю Цябе.
Прашу прабачэння за тых,
хто не верыць у Цябе, не праслаўляе Цябе,
не давярае Табе і не любіць Цябе.
Кім я з’яўляюся і якія мае заслугі, каб мог прасіць Цябе аб ласцы збаўлення свету? Таму прашу, узгляні не на мае бедныя заслугі, але на бясконцыя заслугі Твайго Сына, Езуса Хрыста, які памёр, каб мы ўсе памерлі для граху. Прашу Цябе, каб плёны адкуплення змянілі жыццё людзей, каб свет стаў у праўдзе і трымаўся да Цябе. Бо няма іншага Госпада, няма іншага Стварыцеля, няма іншага Збавіцеля, толькі Ты, Божа, які з’яўляешся маім жыццём і маёй радасцю цяпер і на вякі.
Усклікаю да Цябе:
Найсвяцейшая Тройца,
Айцец, Сын і Дух Святы,
у найглыбейшай пакоры аддаю Табе пашану
і ахвярую Табе Найдаражэйшыя Цела і Кроў,
Душу і Боскасць Езуса Хрыста,
прысутнага на алтарах усяго свету
як узнагароду за знявагі, святататства і абыякавасць,
якія Яго зневажаюць.
Праз бясконцыя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца
і Беззаганнага Сэрца Марыі
прашу Цябе аб ласцы навяртання бедных грэшнікаў.
Езу, Сыне Марыі, мой Збаўца, дапамажы мне сёння жыць Тваім Евангеллем.
Езу, які першы цалкам даверыўся Марыі, сваёй Маці, навучы мяне любіць Марыю!
Езу, які першы цалкам даверыўся Марыі, сваёй Маці, навучы мяне наследаваць Марыю!
Езу, які першы цалкам даверыўся Марыі, сваёй Маці, навучы мяне як Яна цалкам адкрыцца на Бога!
Езу, удзялі мне асаблівую ласку, каб Найсвяцейшая Дзева ўсміхалася да мяне і ўзяла мяне пад сваю апеку!
2. ХВІЛІНА РАЗВАЖАННЯ
У наступных тыднях можна карыстацца марыйнымі тэкстамі Святога Айца Яна Паўла ІІ, размешчанымі ў раздз. ІІІ
Дапамажы мне, Марыя, уважліва ўслухацца ў словы Святога Айца Яна Паўла ІІ, які сказаў таксама мне, што
“Сучасны чалавек павінен узняць свой позірк, павінен пастаянна уздымаць свой позірк у вышыню. Усё больш і больш, усё больш паўсюдна адчуваю небяспеку выключнага злучэння з зямлёй. Наш позірк лягчэй накіроўваць у вышыню тады, калі нашыя вочы сустракаюцца з той Маці, якая з’яўляецца прастатой і любоўю; Той – Слугой Пана.”
(Прамова на гары Мармолады ў Даламітах, 26 жніўня 1979)
Хвіліна разважання над словамі Святога Айца і над маім жыццём.
3. ХВІЛІНА РАЗМОВЫ З МАРЫЯЙ
Найсвяцейшая Маці, Пані з Фацімы! Калі Ты з’яўлялася партугальскім пастушкам, усё ў Цябе было са святла. Твой вобраз, шата, нават залатая абшыўка плашча – усё было са святла. Не магло быць інакш, калі гэта святло было ад Бога! Ты ўся знаходзішся ў Богу, з’яднаная з Ім сувяззю дасканаласці. Твае словы ад Бога і ўсе Твае пасланні паходзяць ад Яго. Таму, калі стаю прад Табою на каленях, падаю на калені перад маім Богам. Ты з’яўляешся Яго самай прыгожай Іконай! Люблю Бога ў Табе, Беззаганная Марыя!
А гэтая цёмная карона? Гэтыя церні, якія аплятаюць Тваё Сэрца і ўпіваюць у яго свае вострыя шыпы – такія чорныя, як спаленыя. Няма ў іх ані святла, ані Бога. Гэта карона пекла! Гэта грэх чалавека. Грэх няўдзячных людзей, таксама мой…
Сёння перапрашаю Цябе за ўсё, што згасаючы ўва мне Божае святло, раніць Тваё Беззаганнае Сэрца. Хачу праз акт узнагароды вымаць церні: свае і іншых, колькі змагу. А Тваё Беззаганнае Сэрца няхай будзе сёння дзеля мяне шляхам, поўным святла, шляхам, які праводзіць да Бога, шляхам, на якім ужо не будзе мейсца нават для найменьшага граху.
4. ХВІЛІНА РУЖАНЦА
У наступных тыднях можна карыстацца разважаннямі размешчанымі ў раздз. V
У інтэнцыі, якая сёння жыве ў Тваім Беззаганным Сэрцы, ахвярую Табе, Марыя, мая Пані і мая Маці, гэты дзесятак ружанца. Дапамажы мне сардэчна схіліцца над таямніцаю, якую сёння прагну разважаць. Няхай маё сэрца будзе сёння разам з Тваім Беззаганным Сэрцам, каб я з Табою разважаў таямніцы, якія наш Бог змясціў у сцэну Звеставання.
Марыя, Беззаганна Зачатая! Сёння схіляюся ў малітве над першай радаснай таямніцай Твайго Ружанца. Адкрываю сваё сэрца перад Богам, каб Ён сам пагрузіў мяне ў таямніцу Твайго спаткання з Габрыэлем.
Тут Ты зачала ў сваім лоне не толькі Езуса, але насіла ў сабе таксама і мяне! Гэту праўду перадаюць многія святыя. Сярод іх Людвік Грыньон дэ Монфорт, Альфонс Лігуоры, Максімільян Кольбэ. Дзякую Табе, што адказала “так” на мацярынскую апеку нада мною ў дарозе да неба. Ты была гатовая стаць для мяне Маці: каб быў Тваім “цяжарам” да таго дня, калі нарэшце дарасту да святасці. Цяпер абараняеш мяне і заланяеш, каб не ўпаў і не загінуў на векі. Хаваеш мяне ад свету – мяне няспелага, не гатовага жыць у краіне зла, спакусаў, духовых эпідэмій. Ты мая Апякунка, Заступніца і Суцяшальніца.
Чаму ў Фаціме Ты была такая сумная? Бо ў сваім лоне носіш так шмат дзяцей, якія ўсё яшчэ застаюцца няспелымі, слабымі, хворымі і несамастойнымі. Бог даверыў іх Табе, але яны ўсё яшчэ застаюцца непадрыхтаванымі да самастойнага жыцця, да самастойнай працы, да служэння. Гэтыя людзі духова няспелыя да Тваёй падтрымкі ў вялікай місіі супольнага збаўлення света.
Марыя! Можа і я не гатовы, каб прыняць цяжкую місію быць слугою Бога?
Назвала сябе “Слугой Пана” і схіляешся нада мною, як Слуга самога Бога! Ты бачыш ува мне дар Божы, заўважаеш ува мне вечную прыгажосць: маю несмяротную душу, прызначаную для неба. Служыш Богу ўва мне. А калі Яго ў маім сэрцу мала, Тваё служэнне перавышае чалавечыя высілкі. Змагаешся за мяне. І ўсё робіш за мяне, бо я нічога не раблю… Я ўсё яшчэ застаюся малым дзіцём, які патрабуе апекі, а не дарослым сынам, які здольны Табе дапамагчы.
Лёгка магу сёння адкрыць сваё мейсца пры Табе. Дастаткова, калі схілюся над сцэнаю Твайго Звеставання, каб праверыць, як я яе разумею. Гляджу… Калі гэта толькі аповесць пра Цябе – Найсвяцейшая Маці – то ўсё яшчэ знаходжуся далёка ад духовай дасканаласці. А калі Твой адказ анёлу супадае з маім адказам, які хачу прамовіць да Бога – тады я знаходжуся на дарозе служэння разам з Табою, Марыя, і ўзрастаю да выканання найпрыгажэйшага задання, якое можа атрымаць чалавек: да супольнай працы ў збаўленні свету!
Дапамажы мне, Марыя з Назарэту, сёння задаць сабе некалькі важных пытанняў: Ці хачу быць падобным да Цябе? Ці гатоў прыняць з Божых рук тое, чаго менш за ўсё чакаю, што мяне перарастае, што мяне хавае ў глубокім ценю, робіць убогім, неважным, нават высмейваным гэтым светам? Ці я падобны да Цябе? Ну вось… Дзе знаходзяцца, Марыя, мае крытэрыі таго, што важна: у людскіх сэрцах ці ў Божым Сэрцу? Калі на зямлі будуць смяяцца з мяне, усе святыя і анёлы ў небе будуць радавацца таму, што я наслядую Тую, якая вызначыла для ўсіх нас дарогу да неба, самую прыгожую сцежку, пазначаную поўнай паслухмянасцю Богу, шлях служэння толькі Богу.
Дапамажы мне зразумець, Марыя, што для мяне з’яўляецца найважнейшым: погляд гэтага свету ці погляд неба. І прашу: дапамажы мне, каб мой канчатковы адказ указваў на Божае Валадарства. Маліся за мяне, цяпер і ў гадзіну маёй смерці.
Ойча наш.
10 Вітай Марыя.
Хвала Айцу
5. ХВІЛІНА ПРАСЛАЎЛЕННЯ МАРЫІ
Няхай будзе праслаўленае Беззаганнае Сэрца Найсвяцейшай Дзевы Марыі, якая ў Фаціме паказала нам дарогу да новага, лепшага свету.
Няхай будзе блаславёнае Прачыстае Сэрца Той, якая цалкам даверылася Божай Любові.
Няхай аддадуць пашану Марыі ўсе анёлы ў небе і ўсе людзі на ўсёй зямлі.
Няхай надыйдзе прадказаная ў Фаціме перамога Беззаганнага Сэрца Марыі.
Маці Божая Фацімская! Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет! Амэн.